Як у Віцебску навучаюць „сацыяльна адказных мастакоў”

Як у Віцебску навучаюць „сацыяльна адказных мастакоў”


Тры тыдні таму па ініцыятыве сацыяльна-культурніцкай установы “Vitebsk4Me” (“Віцебск для мяне”) у горадзе пачаліся курсы “Адказная графіка”.

Мэта курсаў – аб’яднаць неабыякавых да грамадскіх падзеяў мастакоў, дызайнераў і фатографаў, пазнаёміць іх з досведам працы беларускіх і замежных калег і наладзіць супрацоўніцтва з грамадскімі арганізацыямі Віцебшчыны, якія маюць патрэбу ў візуалізацыі сваёй дзейнасці.

Такім чынам маладыя творцы займеюць новыя магчымасці для самавыяўлення, а грамадскія ініцыятывы – якасна вырабленыя афішы, улёткі, а то і адмыслова аформленыя офісы. З замоўцаў ужо нават утварылася чарга, кажа дырэктарка ўстановы “Vitebsk4Me” Вольга Бізікава:

– Офіс YMCA звяртаўся, каб мы распісалі хол у іхным памяшканні, а таксама зрабілі постэры і афішы для іх мерапрыемстваў. Ёсць магчымасць намаляваць графіці на сцяне цэнтру абслугоўвання Чыгуначнага раёну, а таксама графіці на будынку заводу “Вістан”.

Курсы “Адказная графіка” уключаюць у сябе не толькі прафесійныя заняткі, але і адкрытыя лекцыі для ўсіх ахвотных віцяблян. Апошнюю з іх прэзентавала знакамітая мастачка Воля Кузьміч, аўтарка паштовак, ілюстрацый, відэаролікаў на сацыяльныя тэмы.

На яе думку, мастак абавязкова мусіць быць адказным перад грамадствам:

– Я чалавек сацыяльна адказны, і таму калі нешта ствараю, малюю, то для мяне гэта заўсёды магчымасць нешта выказаць. Я паказвала праекты па праблемах экалогіі, мовы, свабоды волевыяўлення, рознага кшталту рэчы, якія можна паказваць візуальнымі сродкамі – прыдумаць такі візуальны вобраз, каб гэта было блізка самым звычайным людзям.

Да сканчэння курсаў “Адказная графіка” засталося яшчэ некалькі тыдняў, але навучэнцы ўжо робяць практычныя рэчы: першым вынікам стала новая афіша для “Добрай нагоды” – сустрэчы прадстаўнікоў розных гарадскіх ініцыятыў.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя


Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя