У Беластоку абмяркоўвалі беларуска-польскія стасункі

У Беластоку абмяркоўвалі беларуска-польскія стасункі


Беларуска-польскія стасункі, справы польскай меншасці ў Беларусі, роля СМІ Польшчы і Беларусі ў фармаванні вобраза суседа, значэнне „карты паляка” ды іншыя тэмы абмеркавалі ў будынку Падляшскага ваяводства падчас дэбатаў пад назвай «Польская брама на Усход – усходняя палітыка, справы консульскія і паланійныя».

Удзельнік дэбатаў прафесар Яўген Мірановіч, каментуючы гістарычныя сувязі Польшчы і Беларусі ды вялікі ўплыў на беларускую гаспадарку з боку Расеі, адзначыў, што ніхто на Захадзе не выказаў зацікаўленасць у Беларусі пасля развалу Савецкага Саюза.

– Калі развальваўся Савецкі Саюз уся гаспадарка спынілася. Галоўным пытаннем стала: Усход ці Захад? Дзе шукаць дапамогі? На Усходзе балаган быў паўсюдны. Таму былі спробы шукаць дапамогі ў Нямеччыне. Шушкевіч паехаў і вярнуўся з нічым. Кебіч паставіў на Польшчу. Але аказалася, што Польшча не мела ніякай рэальнай магчымасці дапамагчы. Сама была бедным, разваленым краем. Ніхто на Захадзе не быў зацікаўлены падтрымкай. Але калі ў Расеі памянялася палітычнае кіраўніцтва, то у Крамлі проста не захацелі губляць Беларусь са сваёй зоны уплываў.

У сваю чаргу адна з актыўных удзельніц дэбатаў – дырэктар тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рымашэўска-Гузы адзначыла, што стасункі з Беларуссю палякам трэба разглядаць у трох найважнейшых аспектах.

– У беларуска-польскіх стасунках, на маю думку, маем тры аспекты. Першы – стасункі міждзяржаўныя. Існуе згодна міжнароднага права Рэспубліка Беларусь, з якой Польшча, як дзяржава, мусіць мець адпаведныя адносіны. Другое – гэта стасунікі паміж грамадствамі, з актыўнымі элітамі. Бо калі краіна не мае дэмакратычнага кіравання, то варта падтрымліваць адносіны непасрэдна з грамадствам. І трэці элемент – беларуска-польскія адносіны з улікам вялікай польскай меншасці ў Беларусі.

Менавіта справам польскай меншасці была прысвечаная другая частка дэбатаў. Яна тычылася працэдуры выдачы „карты паляка”. З прамовамі выступілі старшыня Саюза палякаў на Беларусі Анжаліка Борыс, прадстаўнік польскага консульства ў Гародні Анджэй Рачкоўскі.

За дэбатамі назіралі прадстаўнікі польскага Міністэрства замежных спраў, консульства Беларусі ў Беластоку. Мадэратарам дэбатаў выступіла журналістка, вядоўца праграмы «Студыя Усход» на польскім тэлебачанні Марыя Пшэломец.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя