Дарыюш Пянткоўскі: У Беларусі бачым добрага партнёра

Дарыюш Пянткоўскі: У Беларусі бачым добрага партнёра


“Мы бачым у Беларусі добрага партнёра ў эканамічнай супрацы. Разлічваем на больш актыўны абмен людзьмі, таму хочам, каб у бліжэйшым часе ўсё ж атрымалася ўвесці ў дзеянне малы памежны рух”.

У перспектыве можна будзе гаварыць пра яшчэ большае палягчэнне візавага рэжыму. Такое меркаванне ў інтэрв’ю для нашага радыё выказаў польскі міністр, кандыдат кіроўнай партыі “Права і справядлівасць” на бліжэйшых парламенцкіх выбарах ад Падляшша, Дарыюш Пянткоўскі.

– Гэта і з нашага пункту гледжання, і з пазіцый польскага рынку працы можа быць вельмі карысным. Ужо цяпер мы бачым даволі заўважную плынь работнікаў з Беларусі ў Польшчы, бо ў нас адзначаецца нястача працоўных рук. Для беларусаў польскія заробкі – добрыя, хоць самі палякі на свае заробкі і наракаюць.

Больш шчыльныя кантакты паўплываюць таксама і на палітычныя стасункі, – дадае міністр Дарыюш Пянткоўскі.

Пры гэтым ён адзначае, што адносіны ў асобных галінах і цяпер развіваюцца даволі актыўна:

– Існуюць кантакты, да прыкладу, паміж асобнымі міністэрствамі. Я нядаўна быў у Беларусі, сустракаўся са сваім беларускім калегам, міністрам адукацыі. Мы гаварылі і на тэму таго, як яшчэ ў большай ступені забяспечыць правы польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі, а гэта права на адукацыю і захаванне сваёй культуры.

І мы заахвочваем беларускі бок паглядзець на польскі досвед у гэтым пытанні, як мы гарантуем беларускай меншасці свабоднае развіццё школьніцтва і падтрымку сваёй нацыянальнай культуры. Дарыюш Пянктоўскі доўгі час працаваў настаўнікам у Беластоку. Быў радным горада і ваяводскага сейміка, а таксама маршалкам Падляшскага ваяводства. Пазней быў абраны дэпутатам Сейма. Сёлета ў чэрвені прызначаны міністрам нацыянальнай адукацыі Польшчы.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя