У Гародні стартавалі пікеты па зборы подпісаў за незалежных кандыдатаў

У Гародні стартавалі пікеты па зборы подпісаў за незалежных кандыдатаў


Адзін з першых супольных пікетаў, на якіх прысутнічаюць прадстаўнікі розных партый і арганізацый, адбыўся ў самым цэнтры Гародні – на вуліцы Савецкай.

Пра пачатак кампаніі кажа намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў:

– Стартануў збор подпісаў. Мы вырашылі праводзіць у выглядзе пікетаў, максімальна выкарыстаць гэтую магчымасць. Я ведаю, што мае канкурэнты, дзеючыя дэпутаты, напрыклад, падчас збору подпісаў будуць праводзіць сустрэчы з выбаршчыкамі ў выглядзе кансультацый дэпутацкіх. Маё меркаванне, што хтосьці выкарыстоўвае гарвыканкам для правядзення збору подпісаў у тым ліку. Мы вырашылі пайсці да людзей, таму выйшлі на вуліцу.

Мікола Салянік, які прадстаўляў на пікеце Беларускі нацыянальны кангрэс, збіраў подпісы за сябе пад нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам і пракаментаваў рэакцыю гарадзенцаў:

– З асцярожнасцю ставяцца. Як пабачаць бел-чырвона-белы сцяг, то думаюць усе мы бэнээфаўцы, як яны звычайна кажуць. Гэта наш нацыянальны сцяг, гэта наш гонар, нашай з вамі Радзімы, нашай з вамі краіны. Пад гэтым сцягам наш паважаны прэзідэнт даваў клятву служыць народу.

Падчас пікету можна запісацца ў назіральнікі, аддаць свой подпіс за незалежнага кандыдата, а таксама падзяліцца сваімі меркаваннямі наконт будучай кампаніі. Плануецца, што супольныя пікеты будуць адбывацца штодзённа.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя