У Віцебску прэзентавалі 4-ы том зборніка “Віцебскі край”

У Віцебску прэзентавалі 4-ы том зборніка “Віцебскі край”


Зборнік уключае матэрыялы, падрыхтаваныя да аднайменных краязнаўчых канферэнцый, якія праходзяць у Віцебскай абласной бібліятэцы з лістапада 2015-га года.

Даклады з кожнай канферэнцыі аб’ядноўваюцца ў асобным томе, у 4 том зборніка “Віцебскі край” уключаны матэрыялы мінулагодняй краязнаўчай канферэнцыі. Падобнага шматтомнага зборніка не выдаецца ні ў адной іншай вобласці, было падкрэслена на прэзентацыі.

Зрэшты, і гэтую добрую справу варта было б удасканаліць, лічыць даследчык, кандыдат мастацтвазнаўства Аляксандр Лісаў:

– Трэба было б больш адказна паставіцца да навуковага рэдагавання тэкстаў. Бо вартасць тэкстаў не аднолькавая, і рыхтавалі іх удзельнікі з розным навуковым досведам. Прыкладам, сустракаюцца матэрыялы, падрыхтаваныя школьнымі настаўнікамі або працы вучняў пад кіраўніцтвам школьных настаўнікаў.

Вартасць краязнаўчых матэрыялаў, вядома, не ў тым, што яны напісаны даследчыкамі з вядомымі імёнамі ці званнямі. Але варта больш канкрэтна вызначыць патрабаванні да самастойнасці прадстаўленых працаў і іх навуковай каштоўнасці.

Тады можна будзе з гонарам сказаць, што ў Віцебску нарэшце рэалізавалі мару Мікалая Каспяровіча, краязнаўцы і даследчыка, дзякуючы якому ў 1925 і 1928 гадах выйшлі два выпускі краязнаўчага альманаха «Віцебшчына», кажа Аляксандр Лісаў:

– Ідэя мае вялікую гісторыю – ад “Віцебшчыны”, двух вядомых альманахаў, выдадзеных Мікалаем Іванавічам Каспяровічам, вядомым краязнаўцам, мовазнаўцам… У яго якраз існавала такая ідэя – такіх зборнікаў краязнаўчых матэрыялаў, у якіх друкаваліся б і навукоўцы, і аматары, і гэтак далей.

Чарговая, 5-я міжнародная краязнаўчая канферэнцыя “Віцебскі край” адбудзецца ўжо неўзабаве – сёлета ў лістападзе.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя