Прадстаўнікі апазіцыі абскарджваюць у судах рашэнні пра склад выбаркамаў

Прадстаўнікі апазіцыі абскарджваюць у судах рашэнні пра склад выбаркамаў


Скаргі падалі ва ўсе шэсць абласных судоў і гарадскі суд Менску. Як кажа кіраўнік руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч, са 117 прадстаўнікоў руху ў склад акруговых камісій увайшлі толькі чатыры.

І хоць выйграць суды – шанцаў вельмі мала – варта фіксаваць парушэнні і няроўныя ўмовы падчас гэтай кампаніі, заўважае палітык Юрась Губарэвіч:

– Будзем па кожнай кандыдатуры ў судах дамагацца адказу ад выканаўчых і прадстаўнічых органаў, якія фармавалі камісіі, чаму не адбывалася ўключэнне нашых прадстаўнікоў. Трэба разумець, што механізм фальсіфікацыі выбарчага працэсу адладжаны ўжо дзесяцігоддзямі і наўрад ці дасць нейкі збой. Тым не менш, варта зафіксаваць факт, што нават праз судовую сістэму немагчыма дабіцца справядлівага і роўнага падыходу да ўсіх удзельнікаў выбарчага працэсу.

Скаргі ў Менскі гарадскі суд, а таксама ў Берасцейскі ды Менскі абласныя суды накіравала і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада). Аб’яднаная грамадзянская партыя таксама накіравала аналагічныя скаргі ва ўсіх рэгіёнах, акрамя Берасцейшчыны ды Меншчыны. У Партыі БНФ паведамілі, што накіравалі скаргі ва ўсе рэгіянальныя суды, акрамя Гомельскай вобласці.

Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя