Памяці арлянскіх габрэяў

Памяці арлянскіх габрэяў


У Орлі ўзгадалі пра габрэяў, якія жылі ў гэтай мясцовасці да 4 лістапада 1941 года. Менавіта ў 76-ю гадавіну ліквідацыі нацыстамі арлянскага габрэйскага гета прайшло мерапрыемства “Памяць трывае”.

У мясцовай сінагозе прагучалі габрэйскія песні ў выкананні Яанны Чабан.

З музычнай праграмай “Па месцах беларускіх габрэяў” з Менску прыехала Ала Беляўская:

– Я нарадзілася ў сям’і, дзе мама – беларуска, а тата – габрэй. Тату 90 гадоў. Ён ведае ідыш. Мая бабуля і мой дзядуля былі знішчаны ў Менску. Мне здаецца, што мы тут аб’ядналіся. Тут і палякі, беларусы і габрэі.

З сінагогі ўдзельнікі сустрэчы перайшлі на мясцовыя габрэйскія могілкі, дзе прачыталі прозвішчы арлянскіх габрэяў. Сустрэча “Памяць трывае” прайшла шосты раз.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя