Таццяна Каравянкова: Застаюся ў статусе падазраванай, але пашпарт вярнулі

Таццяна Каравянкова: Застаюся ў статусе падазраванай, але пашпарт вярнулі


У Следчым камітэце Беларусі дапыталі вызваленую ўвечары 9 жніўня журналістку БелаПАН Таццяну Каравянкову па справе аб несанкцыянаваным доступе да кампутарнай інфармацыі.

Допыт працяваўся дзве з паловай гадзіны. Па выхадзе Таццяна сказала журналістам, што па-ранейшаму знаходзіцца ў статусе падазраванай. Паколькі яна дала падпіску аб няразгалошванні, то не стала адказваць на пытанне – прызнае віну ці не.

– Пашпарт, дакументы – усё вярнулі. Я магу выязджаць, але абавязаная прыходзіць па выкліку следчага.

РР: А імя следчага можна назваць.

– Павел Сафронаў. Гэта не сакрэт. Калегам я вельмі ўдзячная за праяўленую салідарнасць, таму што ў першы ж вечар мне зачыталі назвы навінаў, маўляў, усе пра гэта пішуць. Ведаю, што таксама дзяжурылі пад Акрэсціна. І ўчора тут дзяжурылі. Гэта вельмі важна ведаць, што пра цябе думаюць, спрабуюць дапамагчы, спрабуюць нешта зрабіць.

Па словах Таццяны Каравянковай, следчыя цікавіліся ў яе, ці не плануе яна памяняць працу. „Я адказала, што не планую. І не думаю, што нехта з маіх затрыманых калегаў плануе гэта зрабіць,” – сказала Таццяна Каравянкова.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя