Дэпутаты Бундэстагу: Лукашэнка ўсё больш аддаляе сябе і сваю краіну ад Еўропы


Парламенцкая фракцыя Хрысціянска-дэмакратычнага саюзу і Хрысціянска-сацыяльнага саюза (ХДС / ХСС), якія ўваходзяць у кіроўную ў Нямеччыне кааліцыю, патрабуе ад беларускіх уладаў неадкладнага вызвалення карэспандэнта Deutsche Welle у Менску Паўлюка Быкоўскага.

«Яго затрыманне парушае свабоду СМІ, – гаворыцца ў заяве прадстаўніка фракцыі Элізабэт Мочман, распаўсюджаным 9 жніўня. – Паказаныя чыннікі яго заключэння пад варту – надуманыя і неадпаведныя».

Па словах Мочман, абвінавачванне Быкоўскага ў незаконным выкарыстанні доступу да платнай інфармацыі дзяржаўнага агенцтва БелТА ні ў якай меры не апраўдвае заключэнне журналіста пад варту.

«Беларусь павінна паважаць свабоду СМІ і выказвання меркаванняў. Беларускі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ўсё больш аддаляе сябе і сваю краіну ад Еўропы. Свабода СМІ і незалежнасць органаў юстыцыі – неад’емныя каштоўнасці. Гэта аснова свабоднага грамадства», – падкрэсліла Элізабэт Мочман.

Нагадаем, 7 жніўня Следчы камітэт правёў ператрусы ў офісах TUT.by і БелаПАН у межах так званай «справы БелТА». Справа была распачатая паводле ч. 2 арт. 349 КК Беларусі – «несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі». Паводле следства, цягам 2017-2018 гг. падазраваныя больш за 15 тыс. разоў незаконна карысталіся платнай падпіскай на стужку навінаў дзяржаўнага агенцтва БелТА.

Агулам з 7 па 9 жніўні былі затрыманыя 15 журналістаў. Сем з іх былі адпушчаны пасля допыту, а рэдактарка TUT.BY Галіна Уласік правяла з кратамі два дні, яе вызвалілі сёння. Яна застаецца ў статусе падазраванай.

Пад вартай на дадзены момант знаходзяцца: рэдактаркі TUT.BY Марына Золатава, Ганна Калтыгіна і Ганна Ермачонак, карэспандэнтка БелаПАН Таццяна Каравянкова і галоўны рэдактар агенцтва Ірына Леўшына, карэспандэнт Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі, а таксама рэдактар сайту газеты «Белорусы и рынок» Аляксей Жукаў.

Петатрусы таксама адбыліся ў офісе дзяржаўнай газеты «Культура», офісе парталу Realt.by, а таксама кампаніі «АйТиВи».

ІІ, belsat.eu, паводле DW

Крыніца: Белсат