Экс-старшыня СБУ – абаронцам Курапатаў: Патрэбна крытычная маса людзей…

Экс-старшыня СБУ – абаронцам Курапатаў: Патрэбна крытычная маса людзей…


Сітуацыю вакол Курапатаў пільна адсочваюць і ва Украіне. Пры гэтым украінскія гісторыкі і праваабаронцы праводзяць паралелі паміж цяперашнім супрацьстаяннем у Курапатах і сітуацыяй, якая складалася за часамі УССР вакол урочышча Быкаўня, што пад Кіевам – месцы масавага пахавання ахвяр камуністычнага рэжыму.

Тагачасныя ўкраінская ўлады таксама адмаўлялі сам факт масавых рэпрэсій, а знойдзеныя парэшткі расстраляных у НКВД спісвалі на зверствы фашыстаў. Сітуацыя кардынальна змянілася з адкрыццём архіваў былога КГБ. Адным з ініцыятараў “архіўнай рэвалюцыі” стаў Валянцін Налівайчанка, у той час – старшыня Службы Бяспекі Украіны.

Наш карэспандэнт пагутарыў з экс-старшынёй Службы Бяспекі Украіны.

– Я рассакрэціў усе архівы КДБ УССР ва Украіне. Я, у тым ліку, арганізаваў і закончыў следства па ўсіх злачынствах камунізму і камуністаў супраць украінскага вызвольнага руху, у тым ліку злычынстваў генацыду Галадамору, і ўкраінскі суд з нашымі доказамі прыняў адпаведныя рашэнні і засудзіў кіраўніцтва бальшавікоў за арганізацыю Галадамору ў 1932-1933 гадах ва Украіне.

РР: І яны засуджаны на заканадаўчым узроўні?

– Ва ўкраінскім судзе была агучана ўся абвінаваўчая база. Я, у тым ліку, адкрыў у кожнай вобласці Украіны ў памяшканнях СБУ бескаштоўныя залы з вольным доступам да ўсіх засакрэчаных архіваў і дакументаў. Чаму я гэта зараз згадваў? Таму што я шчыра перакананы, што так можна і трэба зрабіць і ў Беларусі, і ў Расеі.

РР: Колькі не гаварылася пра мажлівае адкрыццё архіваў былога савецкага КДБ у Беларусі, але дозволу няма, гэта матэвуецца тым, што, па-першае, можа быць помства з боку, напрыклад, праўнукаў ахвяраў, а таксама тое, што справы маюць некую аператыўную каштоўнасць. Як вы гэта пракаментуеце?

– Грамадзяне, і Беларусі, і Украіны, маюць поўнае права на атрыманне і доступ да ўсёй праўды, якой бы яна ганебнай ці горкай не была. І я перакананы, што няма чаго нам абараняць КДБ, НКВД, ГПУ, ці якія іншыя каральныя органы, таму што я перакананы, што і КДБ, і НКВД, і ГПУ працавалі супраць украінскага вызвольнага руху і супраць вызвольнага руху Беларусі. Таму я за тое, каб былі рассакрэчаныя архівы. А пакуль што карыстайцеся нашымі расакрэчанымі архівамі.

РР: Вы, напэўна, ведаеце, што такое Курапаты?

– Так.

РР: Вы, як былы старшыня СБУ, што бы параілі, што тут можна рабіць?

– Тое, што мы рабілі ў Быкаўні. Там таксама расстрэльвалі. Разам з палякамі мы тады ўтварылі супольныя камісіі. І пачалі сур’ёзныя вывучэнні, эксгумацыі. І выявілі месцы масавых расстрэлаў ад Кіева да Харкава. Больш за тое, мы далі магчымасць гісторыкам і архівістам вывучыць гэтыя справы, паставілі памятныя дошкі, запачаткавалі нармальны гуманітарны працэс. Я думаю, што так можна і трэба зрабіць і ў Беларусі.

РР: Але на гэта няма волі ўлады. Улада не хоча гэта рассакрэчваць і ўвогуле не вызнае, што там расстрэльвалі.

– Па-праўдзе, у тагачаснай украінскай улады таксама не было дастаткова волі. Перакананы, што пытанне палягае ў тым, каб была крытычная маса людзей, якія Курапаты бароняць. Гэтыя людзі, грамадскасць, і павінны ўплываць на ўладу і змушваць яе ісці на саступкі. Гэта маё ўнутранае перакананне. Мажліва, украінцам было прасцей [з Быкаўнёй], але гэта правільны шлях, і трэба так рухацца… Нагадаем, што ўсе ахвяры камуністычнага рэжыму ва Украіне даўно рэабілітаваныя, а самі злачынствы асуджаныя на заканадаўчым і судовым узроўні. Цалкам размова:

Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя