Ва Украіне абмяркоўваюць візіт польскага прэзідэнта

Ва Украіне абмяркоўваюць візіт польскага прэзідэнта


Ва Украіне абмяркоўваюць візіт польскага прэзідэнта Анджэя Дуды ў Луцк для ўшанавання памяці палякаў, загіблых падчас Валынскай трагедыі.

Дуда вызнаў, што падчас падзеяў 1943 года пацярпелі абодва народы. „У гісторыі нашых народаў, польскага і ўкраінскага, гэта жахлівая карта. Яна адзначана болем, цярпеннем і ўзаемнымі глыбокімі траўмамі”, — зазначыў польскі прэзідэнт.

Ва ўкраінскіх медыях словы Анджэя Дуды ўспрынялі пераважна прыхільна. Падкрэсліваецца, што спекуляцыі на валынскай трагедыі радыкалаў з абодвух бакоў практычна не ўплываюць на добрыя ўзаемаадносіны ўкраінцаў і палякаў.

Сведчыць журналіст Пятро Антоненка, які рэгулярна кантактуе з польскімі калегамі:

– У большасці шараговых палякаў, не тое што не пагоршылася стаўленне да Украіны, па вялікім рахунку яны мала думаюць пра такія высокія матэрыі, як гісторыя, як Валынь, як 300, 400 гадоў таму. Яны простыя, звычайныя людзі, як украінцы – прагматычныя.

Нагадаем, што 11 ліпеня адзначаецца ў Польшчы як Дзень памяці ахвяраў генацыду, здзейсненага ўкраінскімі нацыяналістамі супраць этнічных палякаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Source: Беларускае Радыё Рацыя