Аксана Колб: Абарона Курапатаў – справа, найперш, маральная

Аксана Колб: Абарона Курапатаў – справа, найперш, маральная


Абарона Курапатаў – справа, найперш, маральная. Кажа галоўны рэдактар выдання “Новы час” Аксана Колб.

Ужо больш за месяц беларускія актывісты пратэстуюць супраць рэстарана “Поедем поедим”, што пачаў працаваць і пабудаваны ў межах ахоўнай зоны мемарыяла ахвярам сталінскіх рэпрэсій ў Курапатах.

“Улады заўсёды імкнуліся сцерці памяць пра Курапаты”, – кажа журналістка.

Адсюль і паўстала гэтая праблема:

– Яна хутчэй маральна-палітычная. З аднаго боку, гэта нежаданне ўлады прызнаць існаванне такога месца. І не толькі прызнаць, а ўшанаваць ахвяраў таталітарнага рэжыму. А з другога боку, жаданне ўсімі спосабамі прынізіць гэтае месца. Як у дадзеным выпадку, стварэннем забаўляльнага комплексу.

Абарону Курапатаў нельга назваць масавай. Штодня да брамы рэстарана прыходзяць дзясяткі актывістаў. Аксана Колб звяртае ўвагу, што з такой тэмай цяжка выйсці да шырокага грамадства:

– Нават калі там будзе адзін чалавек, гэта значыць, што гэта справа павінна гучаць. Гэта тэма павінна гучаць. Гэта не можа мець шырокага рэзанансу. Мы не можам прымусіць кожнага чалавека са сваімі справамі, са сваімі бедамі ехаць у Курапаты і бараніць там нешта. Тым больш, што не ўсе добра ставяцца да такіх радыкальных пратэстаў. Але я хачу падкрэсліць, што менавіта радыкалізацыя пратэсту і дазволіла прыцягнуць увагу да гэтага.

Сёння ў Курапатах актывісты “Маладога Фронту” на чале са Змітром Дашкевічам усталявалі новыя крыжы.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота БАЖ

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя