Чарговы небяспечны інцыдэнт на пікеце ў Курапатах

Чарговы небяспечны інцыдэнт на пікеце ў Курапатах


Чарговы інцыдэнт здарыўся на пікеце супраць адкрыцця рэстарана „Поедем поедим” каля мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсій Курапаты. „Мерсэдэс” нумар 0612- МІ-7, які спрабаваў прарвацца ў двор рэстарана, які блакуюць пратэстоўцы, наехаў на аднаго з іх.

На шчасце, жыхар Бабруйска Зміцер Казакевіч траўмаваны не быў. Ён звярнуўся ў ДАІ.

– Аўтамабіль на вялікай хуткасці намагаўся заехаць у гэтую рэстарацыю. Я пачаў яго спыняць. Ён мяне збіў. Я ўхапіўся рукамі за капот аўтамабіля. Пасля прыехалі міліцыянты. Пачалі складаць пратаколы на мяне, на маіх сяброў. Адзін з міліцыянтаў здымаў усё гэта на камеру. Паказаў міліцыянтам відэазапісы. І на нас склалі пратаколы, а на гэтага кіроўцу, які мяне збіў, нічога не склалі. У яго ўзялі тлумачэнні і адпусцілі без пратакола.

Нягледзячы на небяспечныя інцыдэнты, мы будзем працягваць пікетаваць гэтую установу, таму што лічым яе пабудову незаконнай, – кажа Зміцер Казакевіч. Дарэчы, у свой час гэтак жа лічыла і пракуратура, калі пастанавіла знесці незаконныя пабудовы ў ахоўнай зоне. Але чамусці гэтая пастанова не была выканана. Таму актывісты не маюць намеру спыняць свае дзеянні і працягнуць змаганне.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя