Берасцейская актывістка Наталля Папкова з’ехала за мяжу

Берасцейская актывістка Наталля Папкова з’ехала за мяжу


Нягледзячы на тое, што старшыня абласной арганізацыі Беларускага нацыянальнага кангрэсу Наталля Папкова ўжо некалькі месяцаў таму пакінула Беларусь з палітычных прычынаў, на яе адрас працягваюць прыходзіць позвы з’явіцца ў міліцыю.

Пра гэта актывістка даведалася ад сястры, якая прапісаная па тым жа адрасе. Пакуль Папкова не ведае, калі вернецца ў Беларусь.

— Зараз дакладна не ведаю, бо ў Беларусі мне ёсць што рабіць і вельмі шмат працы, але, на жаль, тая праца не аплачваецца і ўвогуле няма ніякіх сродкаў да існавання, а яшчэ пастаянныя позвы ў міліцыю, нават тады, калі мяне няма ў Беларусі, наконт справы па наркотыках. Я магу дзеля Беларусі аддаць што заўгодна, але не 8 гадоў жыцця.

Наталля Папкова ў эфіры нашага радыё распавяла, што нават простыя людзі, якія змагаюцца супраць будаўніцтва пад Берасцем акумулятарнага завода, падвяргаюцца рэпрэсіям улады.

Акрамя таго, паблізу горада, магчыма, збіраюцца будаваць яшчэ адзін небяспечны для здароўя людзей аб’ект:

— Напрыклад зараз у Берасці будуецца акумулятарны завод і гэта вельмі кепска для самога горада і для жыхароў і так далей. Я даведалася, што збіраюцца будаваць у тым жа Берасці яшчэ адзін завод па вытворчасці стронцыю, калі я не памыляюся. І з гэтым таксама трэба змагацца. Тыя людзі, якія змагаюцца ў Берасці зараз з будаўніцтвам акумулятарнага завода, таксама перажываюць рэпрэсіі. І нават не толькі актывісты, але і простыя людзі, што выходзяць на плошчу.

На дадзены момант Наталля Папкова знаходзіцца ў Польшчы. За 2017 год яе неаднаразова затрымлівалі сілавікі, таксама актывістка была прымусова змешчаная ўладамі ў псіхіятрычную бальніцу. У выніку з палітычных абставінаў Папкова вырашыла часова пакінуць краіну.

Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя