Год таму ў Воршы адбылася масавая акцыя пратэсту супраць дэкрэту аб дармаедах

Год таму ў Воршы адбылася масавая акцыя пратэсту супраць дэкрэту аб дармаедах


Споўніўся год з таго моманту, як у Воршы адбылася адна з самых масавых па ўсёй Беларусі акцыяў пратэсту супраць дэкрэту аб дармаедах.

Магчыма, менавіта аршанская акцыя сталася адной з асноўных прычын замарозкі папярэдняй рэдакцыі дэкрэту. Старшыня Партыі БНФ па Воршы і грамадскі актывіст Ігар Казмерчак распавядае, што адбылося ў той дзень:

– Той дзень успрымаецца як нешта неверагоднае. Эмацыйна аршанцы паверылі ў сябе, паверылі, што нешта могуць самі. За некалькі дзён было паседжанне аршанскай кааліцыі, прысвечанае гэтай падзеі. І нават я выказваўся на той момант, што добра было б увогуле не праводзіць гэтыя пратэсты. Хаця, па вялікім рахунку, іх ніхто і не праводзіў. Людзі сабраліся самі. І калі б нават у пэўны час нехта заклікаў адмяніць гэтыя пратэсты, усё адно людзі выйшлі б. Гэта ўжо залежыла не ад палітыкаў.

Як узгадваюць аршанцы, масавых акцый, якія б сабралі больш за 1000 чалавек, у іх горадзе не было амаль дваццаць гадоў.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота „Радыё Свабода„

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя