“Жыццё ў стылі эка”

“Жыццё ў стылі эка”


Сямейны клуб пад такой назвай, удзельнікі якога падтрымліваюць прынцыпы экалагічнага жыцця, паўстаў у Глыбокім. Першапачатковая ідэя такіх клубаў узнікла ва Украіне, потым ініцыятыву падхапіла Расея ды Беларусь.

Падобныя клубы працуюць ужо ў Менску і Магілёве. У Глыбокім жа ён утварыўся дзякуючы прадпрымальніцы з Магілёва Таццяне Чэпікавай і яе сябрам з Глыбокага.

Паводле Таццяны, сямейны клуб у Глыбокім збірае прыхільнікаў два разы на месяц. Туды запрашаюцца рамеснікі, прадпрымальнікі, траўнікі, уладальнікі аграсядзібаў, якія могуць падзяліцца вопытам свайго экалагічнага жыцця і прадставіць экалагічную прадукцыю, ды іншыя.

– Гэты праект з’явіўся ў нас, у Беларусі, дзякуючы такім неабыякавым, актыўным, ініцыятыўным людзям, якія ўзялі на сябе адказнасць несці дабро людзям, станоўчыя змены. У гэтых людзей актыўная жыццёвая пазіцыя, яны вядуць сацыяльна накіраваную дзейнасць. І стварылі гэты клуб, каб максімальна палепшыць наш свет, экалогію, даваць магчымасць развівацца людзям, паляпшаць свой дабрабыт, у тым ліку матэрыяльны.

На кожным пасяджэнні клуба разглядаюць тэмы экалогіі і экалагічнага жыцця. На гэты раз глыбоцкі рамеснік Віктар Дудкевіч распавёў прысутным пра экалагічныя дзіцячыя цацкі. А траўніца з Падсвілля Людміла Баброўская пазнаёміла з лекавымі раслінамі, іх ужываннем, прадставіла самаробную прыродную касметыку ды напаіла гасцей гарбатай з зёлак.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае
Фота аўтаркі

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя