Часопіс Arche удзельнічае ў кніжнай выставе самастойна

Часопіс Arche удзельнічае ў кніжнай выставе самастойна


Беларускія выдаўцы рыхтуюцца да свайго галоўнага мерапрыемства года – Міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу “Кнігі Беларусі”. Сёлета 8 лютага яна адкрыецца ў сталічным выставачным цэнтры “БелЭКСПА” 19-ы раз. Сярод яго ўдзельнікаў будзе і часопіс Arche.

Гаворыць галоўны рэдактар выдання Валер Булгакаў:

- Arche выкупіла стэнд, ён будзе мець нумар 114 і знаходзіцца каля стэнда “Кнігарня “Логвінава”. Летась мы ўпершыню ўдзельнічалі ў складзе дэлегацыі розных беларускіх выдавецтваў у 18-й Міжнароднай кніжнай выставе і выявілі, што да нашай прадукцыі ёсць вялікі інтарэс. Сёлета мы вырашылі самастойна выкупіць у фірмы, якая займаецца арганізацыяй гэтага мерапрыемства, цэлы стэнд.

Выстава-кірмаш будзе працаваць з 8 па 12 лютага. Увесь гэты час стэнд часопіса Arche будзе даступны для чытачоў. У гэтыя дні таксама адбудуцца прэзентацыі разнастайных кніжных выданняў Arche, з упорам на тыя выданні, якія пабачылі свет нядаўна.

Васіль Кроква, Радыё Рацыя.

Фота nn.by

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя