Нобэля яна заслужыла, як ніхто іншы

Нобэля яна заслужыла, як ніхто іншы


Памерла выбітная паэтка й ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі Віслава Шымборска. Ёй было 88 гадоў.

Адна з самых знакамітых польскіх паэтак была ня толькі пісьменьніцай, але й літаратурным крытыкам, фэльетаністкай і перакладчыцай. Яна выдала больш за 20 кніг, сярод іх шмат зборнікаў вершаў: “Пытаньне да сябе”, “Кліч да Еці”, “Двукроп’е”, а таксама “Тут”.

Творчасьці Шымборскай уласьцівыя дакладнасьць і ашчаднасьць слова, гутарковы стыль, іронія й парадокс, а таксама філязафічны зьмест. Яе творы перакладаліся на дзясяткі моваў і былі папулярныя ва ўсім сьвеце. Нобэлеўская ляўрэтка была ўганараваная найвышэйшай польскай дзяржаўнай узнагародай - Ордэнам Белага Арла.

Фэномэн паэзіі Віславы Шымборскай таксама і ў тым, што сьвет, які яна паказвае ў сваіх вершах, чытач бачыць з пэрспэктывы штодзённых падзей, простых рэчаў, нягледзчы на тое, што яны датычаць важных праблемаў.

Паэтка неаднаразова падкрэсьлівала, што яна жадала б, каб некаторыя яе вершы, пра нянавісьць і насільле, зьніклі са зборнікаў паэзіі.

В. Шымборска: Кожны паэт хоча, каб яго вершы чыталі й разумелі як мага даўжэй. Але ў той жа час у кожнага паэта ёсьць такія вершы, якім ён жадае забыцьцё. Гэта вершы пра нянавісьць і насільле, якія зьнішчаюць цэлыя краіны й людзкія сэрцы.

Нобэлеўскую прэмію Шымборска атрымала ў 1996 годзе. Набэлеўскі камітэт напісаў, што прэмія прызнаная “за паэзію, якая зь іранічнай дакладнасьцю паказвае правілы біялёгіі й працэс гісторыі ў фрагмэнтах рэчаіснасьці чалавека”.

“Сьмерць Віславы Шымборскай – гэта сьмяротны ўдар для польскай літаратуры” – кажа старшыня польскага ПЭН-клюбу Адам Паморскі.

А. Паморскі: Нобэлеўскую прэмію яна заслужыла, як ніхто іншы. Гэта выдатна, што ў нас, у Польшчы, была такая паэтка. Складана казаць пра яе ў мінулым часе. Незваротная страта.

Вершы Шымборскай вельмі часта маюць інтымны клімат. Калі паэтка апісвае пачуцьці, то яна дакладна паказвае свой паэтычны сьвет. У публічным жыцьці Шымборска пазьбягала інтэрвію й падкрэсьлівала, што не пра ўсё можна казаць у публічнай прасторы.

В. Шымборска: Празьмерны ўваход у жыцьцё іншага чалавека, у яго пачуцьці, а часам нават публічны аповед пра сябе – гэта страта сваёй уласнай душы. Нешта варта захаваць і для сябе. Нельга ўсё выкладаць.

Віслава Шымборска атрымала шмат прэстыжных узнагарод – прэміі Гэрдэра, Гётэ, а таксама ўзнагароду Касьцеліскіх. У 2001 годзе яна атрымала дыплём пачэснага чальца Амэрыканскай акадэміі літаратуры й мастацтва. Летась яна атрымала Ордэн Белага Арла.

Міністар культуры Богдан Здраеўскі сказаў у інтэрвію Польскаму радыё, што паэтка была надзвычай шчырай, натуральнай і спантаннай асобай.

Б. Здраеўскі: Яна была абсалютным дыямэнтам паэзіі. Кароткая форма, дакладнасьць, уменьне пісаць пра такія рэчы, пра якія іншыя пісалі б шмат сказаў, а ёй хапала пару словаў і заўсёды гэта было ў кропку.

Шматгадовы сакратар паэткі Міхал Русінэк узгадвае апошні рабочы візыт да Віславы Шымборскай пяць дзён таму.

М. Русінэк: Я быў у яе ў суботу. Як звычайна я прыйшоў з рознымі справамі, зь лістамі, якія я ёй чытаў. Яна была тады вельмі аслабленая, але папрасіла сядзелку, каб тая пасадзіла яе ў крэсла, маўляў, прыйшоў госьць. Тады яна закурыла апошнюю цыгарэту й выпіла апошнюю каву. І пасьля гэтага мы размаўлялі пра звычайныя справы.

Віслава Шымборска супрацоўнічала з дэмакратычнай апазыцыяй у часы ПНР. У 80-я гады яна пісала ў падпольны часопіс “Арка”, а таксама ў парыскую “Культуру”. Ад 1981 году да 1983 уваходзіла ў рэдкалегію падпольнага часопіса “Pismo”.

Яна была вельмі актыўнай у грамадзкім жыцьці. Частку Нобэлеўскай прэміі яна перадала Эўрапейскаму цэнтру дзіцячага сяброўства. Летась яна падпісала ліст у абарону Ўладзімера Някляева ад судовага перасьледу.

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё