Пабачыў свет даведнік «Як супрацоўнічаць з кампаніямі»

Даведнік «Як супрацоўнічаць з кампаніямі»


Славацкі фонд «Pontis» са Згуртаваннем беларусаў свету «Бацькаўшчына» выдалі даведнік па супрацы недзяржаўных арганізацый і бізнесу пад назвай «Як супрацоўнічаць з кампаніямі».

Мэта выдання — дапамагчы няўрадавым арганізацыям у развіцці іх адносін з мясцовымі кампаніямі на прыкладзе славацкага вопыту. Цікавым будзе выданне і для прадстаўнікоў беларускага бізнесу, якія пачынаюць актыўна звяртацца да філантрапічнай дзейнасці і прынцыпаў карпаратыўнай адказнасці. Даведнік змяшчае шмат тэарытычных і практычных ведаў, накопленых славацкімі арганізацыямі, якія будуць карысныя беларускім недзяржаўным арганізацыям на шляху развіцця. Кажа прадстаўнік згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Алесь Плотка.

- Гэтая кніга дапаможа і арганізацыям, якія робяць добрую справу, хутчэй знайсці падтрымку не толькі фінансавую, магчыма, нейкай справай, каардынацыяй, усім тым, чым можа дапамагчы бізнесу, але і падтрымку для бізнесу ў асэнсаванні той важнай сацыяльнай ролі, якую кожны бізнесовец, кожны буйны падаткаплацельшчык адыграывае для ўсяго грамадства.

Па меркаванні стваральнікаў выдання, дадзены даведнік паспрыяе росту прафесійнага ўзроўню няўрадавых арганізацый Беларусі. Кніга была прадстаўлена падчас круглага стала “Найлепшыя практыкі ў карпаратыўнай філантропіі: абмен славацкім і беларускім вопытам”. Цяпер выданне ў электронным варынце дасяжнае да вольнага спампоўвання на сайце кампаніі «Будзьма Беларусамі», а таксама на старонцы беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Камунікат.org.

Аляксей Красоўскі, Радыё Рацыя, Мінск

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя