Барыс Хамайда: “Беларусь перадусім” – гэта мой дэвіз

Барыс Хамайда: “Беларусь перадусім” – гэта мой дэвіз


Найстарэйшы віцебскі апазіцыянер, які днямі абвясціў, што сыходзіць на каранцін, і 30 дзён не будзе з’яўляцца каля “сіняга дому” у цэнтры Віцебска, літаральна на гадзіну парушыў правілы самаізаляцыі.

Ён выйшаў павіншаваць віцяблян з Днём Волі з самаробным сцягам: на белай палатніне ён чырвоным колерам напісаў словы “Беларусь перадусім”.

Традыцыю віншаванняў 25-га сакавіка Барыс Хамайда запачаткаваў 23 гады таму, і лічыць, што яна павінна заставацца непарушнай:

– Сёння найвялікшае свята, я ніколі яго не прапускаў. Таму вырашыў і сёння выйсці на тое месца, дзе ўжо шмат гадоў стаю. За гэтыя гады і плакаты былі, і сцягі былі, і расцяжкі былі. І забіралі мяне, і арыштоўвалі, і судзілі, і суткі давалі. Але былі й такія дні, што я мог стаяць, і мяне ніхто не чапаў.

За Барысам Хамайдам сачылі некалькі людзей у цывільным, яны фатаграфавалі актывіста, кудысьці тэлефанавалі. Але абышлося без затрымання, бо віцебскія міліцыянты выкарыстоўваюць іншую тактыку – праз колькі дзён прыносяць дахаты пратакол пра здзейсненае несанкцыянаванае пікетаванне.

Віцебскі апазіцыянер кажа, што яго гэта не спыняе: ён даўно звык рабіць тое, што лічыць патрэбным, не зважаючы на акалічнасці. Перад сыходам дахаты ён затрымаўся каля “сіняга дома” яшчэ на хвіліну, каб тут, у цэнтры горада, далучыцца да сусветнай малітвы супраць наступу каронавіруса, да якой усіх хрысціянаў свету заклікаў Папа Францішак.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя