Рыгор Сітніца: Паэзія павінна вяртацца да сур’ёзнай аўдыторыі

Рыгор Сітніца: Паэзія павінна вяртацца да сур’ёзнай аўдыторыі


Вядомы мастак і паэт, старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца вяртае традыцыю паэтычных вечароў у менскай Філармоніі.

Ён правёў ужо другі вечар паэзіі, які адбываўся пры ўдзеле ансамбля салістаў „Класік-Авангард”, пад кіраўніцтвам Уладзіміра Байдава. Такія вечары былі папулярныя ў Савецкім Саюзе ў 60-70 гадах, кажа Рыгор Сітніца.

– Гэта фармат хутчэй 70-х, а то і 60-х, калі выступалі на стадыёнах. Тады было зразумела, чаму можна сабраць стадыён. Таму што сканаў Сталін, адкрыліся шлюзы, інтэрнэту не было, тэлевізіі, такой як зараз, не было. І была адзіная крыніца пачуць нешта, пра што людзі гаварылі на кухнях, ці ў нейкіх дысідэнцкіх групах.

Сённяшнія паэтычныя вечары набылі іншы фармат, але цікавасць да іх расце. Праўда, падрыхтаваць такое мерапрыемства не так проста, кажа Рыгор Сітніца.

– Зараз, канешне, другі фармат, другая інфармацыйная прастора. Але мне захацелася гэтага. Летась я зрабіў і пераканаўся, што гэта цікава, што гэта можна рабіць, што такую залу на 700 чалавек, а то і болей, можна сабраць, і мы гэта робім. Іншая справа, што ўсё бярэш на сябе, іначай не адбудзецца, калі ты не зробіш – то і не будзе гэтага.

Рыгор Сітніца ўпэўнены, што падобныя вечары пад сілу арганізаваць і правесці такім беларускім паэтам як Уладзімір Някляеў і Леанід Дранько-Майсюк.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя