Нобэлеўскую прэмію ў літаратуры атрымалі полька і аўстрыец


У чацьвер 10 кастрычніка абвясьцілі ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры.

За 2018 годзе ляўрэаткай стала полька Вольга Такарчкук.

​Вольга Такарчук — польская пісьменьніца. Нарадзілася ў 1962 годзе. Па адукацыі псыхатэрапэўт. За творчы дэбют — раман «Падарожжа людзей кнігі» (1993) — атрымала ўзнагароду Польскага таварыства выдаўцоў. Двухразовая ляўрэатка найвышэйшай польскай літаратурнай прэміі «Ніке» — за раманы «Бегуны» і «Кнігі Якуба». А нядаўна за кнігу «Бегуны» (у англамоўным перакладзе «Flights») польская пісьменьніца атрымала прэстыжную міжнародную ўзнагароду «Букер» (The Man Booker Prize).

Беларускаму чытачу Вольга Такарчук вядомая дзякуючы раману «Правек ды іншыя часы», які выйшаў у перакладзе Марыны Шоды ў 2010-м. Яна ж пераклала і «Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых».

У 2019 годзе - аўстрыец Пэтэр Гандкэ.

У мінулым годзе пасьля скандалу з Жанам-Клёдам Арно, мужам сяброўкі Швэдзкай акадэміі, якога абвінавацілі ў сэксуальным дамаганьні і разгалашэньні імёнаў намінантаў (што забаронена паводле старой традыцыі акадэміі), вырашылі адмяніць уручэньне прэміі па літаратуры.

Жонка Арно, пісьменьніца Катарына Фростэнсан, і яшчэ некалькі сябраў Швэдзкай акадэміі, тады сышлі ў адстаўку. Менавіта з гэтай прычыны, сёлета ўручаецца дзьве Нобэлеўскія прэміі па літаратуры.

Замест звычайнай Нобэлеўскай прэміі, у 2018 годзе ўручылі Альтэрнатыўную Нобелэўскую прэмію па літаратуры. Ад удзелу ў ёй адмовіўся Харукі Муракамі, а журы выбірала паміж францускай пісьменьніцай Марыз Кондэ, ангельскім фантастам Нілам Гэйманам і канадзкай пісьменьніцай Кім Тхюі. Ляўрэатам стала 81-гадовая Марыз Кондэ, што піша ў сваіх раманах аб каляніялізьме і захаваньні традыцый.

Радыё Свабода

Крыніца: Радыё Свабода