Кампанія супраць смяротнага пакарання ў Гародні

Кампанія супраць смяротнага пакарання ў Гародні


У межах кампаніі ў гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця адбыўся прагляд фільма “Курумім”, а таксама дыскусія па тэме смяротнага пакарання.

Пра актуальнасць тэмы смяротнага пакарання распавядае праваабаронца і журналіст Уладзімір Хільмановіч:

– Мы – апошняя краіна ў Еўропе, дзе ёсць смяротнае пакаранне. І людзі адукаваныя адчуваюць ганебнасць такой сітуацыі, сорам і ненармальнасць таго, што ў ХХІ стагоддзі такім дзікім чынам ажыццяўляюцца забойствы ад імя дзяржвы ў еўрапейскай краіне, якая геаграфічна знаходзіцца ў цэнтры Еўропы. І таму невыпадкова гэты грамадскі розгалас становіцца ўсё большы. Праводзіцца ўсё больш круглых сталоў, дыскусійных мерапрыемстваў на тэму смяротнага пакарання. І актыўнасць і цікавасць, як мы сёння бачым, даволі значныя.

Некаторыя гарадзенцы, што прыйшлі на сустрэчу, таксама выказалі сваю думку наконт смяротнага пакарання:

– Гэта тое, што можа тычыцца кожнага. Гэта сапраўды вялікая праблема для краіны. І, з аднаго боку, для таго, на каго накіравана гэтае пакаранне, і для таго, хто абвяшчае яго. Псіхалагічны стан вельмі цяжкі, бо цяжка разумець, што ты забіваеш людзей. – Тэма смяротнага пакарання актуальная, бо зараз адбываецца рух у бок еўрапеізацыі, правоў чалавека. Смяротная кара, я лічу, недапушчальная. І тым больш, што смяротнае пакаранне выкарыстоўваецца па палітычных прычынах уладамі Беларусі.

У межах Тыдня супраць смяротнага пакарання ў Гародні адбыўся шэраг мерпрыемстваў: гэта раздача незалежнай прэсы, дыскусія і прагляд кіно, а таксама цыкл сустрэчаў у незалежнай пляцоўцы “Партал”.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя