Як лічаць галасы на парламенцкіх выбарах у Польшчы?

Як лічаць галасы на парламенцкіх выбарах у Польшчы?


Застаецца ўсяго тры дні да парламенцкіх выбараў у Польшчы. Грамадзяне абіраюць дзве заканадаўчыя палаты – Сейм і Сенат. Паводле якой сістэмы абіраць сенатараў і дэпутатаў Сейму? Як працуюць адкрытыя партыйныя спісы?

Польшча – гэта парламенцкая рэспубліка. А таму выбары ў галоўны заканадаўчы орган тут асабліва важныя. Абедзьве палаты Парламенту – Сейм і Сенат – абіраюцца ў адзін дзень на чатырохгадовую кадэнцыю. Выбары ў Сенат дастаткова простыя – краіна дзеліцца на 100 акругаў і з кожнай выбіраецца па адным сенатары паводле мажарытарнай сістэмы. У той жа час выбары ў Сейм – ніжэйшую палату Парламенту – прапарцыйныя, заснаваныя на адкрытых партыйных спісах. 460 дэпутатаў Сейму абіраюць у 41 акрузе. Колькасць мандатаў ад адной акругі вагаецца ад 7 да 20 у залежнасці ад колькасці насельніцтва.

Выбарцы ж галасуюць не толькі за партыйны спіс, як напрыклад, ва Украіне, але і за канкрэтнага кандыдата ў партыйным спісе, тлумачыць палітолаг Аляксандр Папко: – Людзі свядома галасуюць за партыі. І менавіта партыі з’яўляюцца тымі органамі, тымі інстытутамі ўнутры Парламенту, якія вызначаюць законы. Але адначасова, гэтая сістэма падтрымлівае сувязь паміж выбарцамі і непасрэдна дэпутатамі. Гэта значыць, што людзі галасуюць за канкрэтнага чалавека, і маюць права выставіць яму рахунак, маюць права запытаць яго па выніках ягонай працы, і маюць права абраць альбо не абраць яго ў наступны раз. Гэта не шэф партыі вызначае, хто будзе абраны ў Парламент, не мае абсалютнае ўлады кіраўніцтва партыі. Таму, гэтая сістэма адначасова развівае парламентарызм і дазваляе праводзіць механізмы прамой дэмакратыі.

Партыя, або больш правільна казаць, выбарчы камітэт, які, дарэчы, можа быць сфармаваны і нейкім аб’яднаннем беспартыйных, можа выставіць у кожнай акрузе нават у два разы больш кандыдатаў, чым ёсць мандатаў. Напрыклад, калі з акругі абіраюць 10 дэпутатаў, то ў кожным спісе кожнай палітычнай сілы можа быць да 20 прозвішчаў. Пры падліку бюлетэняў спачатку перадусім лічаць агульную колькасць галасоў за розныя партыйныя спісы па ўсёй краіне. Калі партыя не перакрочыла пяціадсоткавы бар’ер ў шкале ўсёй Польшчы, то галасы, аддадзеныя за яе кандыдатаў, не будуць брацца пад улік пры падзеле мандатаў у акругах, нават калі б за кандыдата гэтай партыі прагаласавала 100% выбарцаў у адной акрузе. Для кааліцыі партыяў, якія вырашылі сфармаваць агульны выбарчы спіс, гэты парог складае 8%. Пасля адкідання бюлетэняў, аддадзеных за “непрахадныя” партыі, у кожнай выбарчай акрузе пачынаецца размеркаванне мандатаў паводле спосабу падліку Д’Онта – названага ў гонар бельгійскага матэматыка. У ніжэйшым прыкладзе пакажам, як яна працуе.

Возьмем акругу, з якой мае абрацца 8 дэпутатаў. На такой акрузе кожны выбарчы камітэт можа выставіць ад 8 да 16 кандыдатаў. Для спрашчэння, уявім, што ў выбарах у акрузе бяруць удзел 3 выбарчыя камітэты. Камітэт А выставіў 16 кандыдатаў, камітэт Б – 12, і камітэт В – 8. У выбарах узяло ўдзел 1500 чалавек. За камітэт А прагаласавала 720 чалавек, за камітэт Б – 480 , а за камітэт В – 300. Як гэтыя галасы пераўтварыць у мандаты? Першы крок – вылічэнне выбарчых каафіцэнтаў. Для гэтага галасы, аддадзеныя за кожны камітэт, дзеляцца на натуральныя лічбы, пачынаючы з адзінкі.

Далей, атрыманыя лічбы з табліцы ўпарадкоўваюцца паводле спадання. Бяруцца першыя 8 лічбаў – 720 (А), 480 (Б), 360 (А), 300 (В), 240 (А), 240 (Б), 180 (А), 160 (Б). Такім чынам, камітэт А атрымлівае 4 мандаты, камітэт Б – 3, камітэт В – 1 мандат. Сярод 16 кандыдатаў камітэта А дэпутатамі становяцца тыя, хто набраў найбольш галасоў сярод свайго спіса. Падобна з 12 кандыдатаў камітэта Б у Парламент абраныя трое найбольш паспяховых, гэтаксама з 8 кандыдатаў камітэта В дэпутатам становіцца той, за каго свой голас аддало найбольш выбарцаў. Такім чынам, пасля падліку галасоў моцныя партыі становяцца яшчэ мацнейшымі, а слабыя – яшчэ слабейшымі. «Агулам гэта сістэма, якая дае прэферэнцыі буйным партыям, тыя, хто набраў больш за ўсё галасоў. Такім чынам, калі вельмі шмат малых партыяў не праходзяць у Парламент, то дамінацыя пераможцаў становіцца яшчэ больш відавочнай», – зазначае палітолаг Аляксандр Папко.

На заканчэнне варта дадаць, што парог у 5% не датычыць выбарчага камітэту нацыянальных меншасцяў, а таму, калі нейкі кандыдат ад умоўнага беларускага, украінскага ці нямецкага спісу перамагае ў сваёй акрузе, то ён атрымае мандат, нават, калі ў межах усёй Польшчы гэтае аб’яднанне не атрымае нават праміле галасоў. За польскімі немцамі, як за найвялікшай нацыянальнай меншасцю, увогуле заўсёды зарэзервавана адно месца ў Сейме.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя