Непразрыстасць падчас назірання

Непразрыстасць падчас назірання


Пра адсутнасць магчымасці падчас усяго выбарчага працэсу праводіць назіранне паведамілі гарадзенскія назіральнікі незалежнай кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Працэдура па праверцы падпісных аркушаў прэтэндэнтаў у кандыдаты будзе праводзіцца без старонніх вачэй. У прыватнасці, без назіральнікаў.

Кажа Віктар Сазонаў, назіральнік па акруговай камісіі №51 ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»:

– Вельмі важна бачыць, як гэта ўсё адбывалася. Ці ўсе былі ў роўных умовах, ці да ўсіх людзей з боку камісіі, з боку там іншых структур аднолькавыя падыходы, ці адныя подпісы правяраюцца лепей, а другія горш, ці ўсе правяраюцца аднолькава. Гэта цалкам незалежнае назіранне, і вельмі важна было б гэтым незалежным вокам паглядзець, як правяраюцца гэтыя подпісы.

Прычынай адмовы, на думку назіральнікаў, стаў аргумент, што быццам бы „прысутнасць назіральнікаў пры гэтым працэсе (праверцы подпісаў) не прадугледжаная”.

– Але ж і не забароненая, – заўважаюць праваабаронцы, якія спасылаюцца на артыкул трынаццаты Выбарчага кодэкса Беларусі.

Кажа назіральнік па акруговай выбарчай камісіі № 49 Раман Юргель, які прадстаўляе кампанію „Праваабаронцы за свабодныя выбары”:

– Павінны дапускаць назіральнікаў да ўсіх працэсаў, згодна з міжнароднымі стандартамі назірання. На жаль, за васямнаццаць гадоў назірання нас не дапускаюць прысутнічаць пры такіх праверках. І гэта вельмі адмоўна і для ўладаў, і для камісіяў, і для самаго працэсу назірання.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя