У Патоцы ўшанавалі памяць ахвяраў пацыфікацыі 1945

У Патоцы ўшанавалі памяць ахвяраў пацыфікацыі 1945


У вёсцы Патока, што ў Міхалоўскай гміне, асвяцілі Царкву святой Ганны.

Царква з’яўляецца помнікам у гонар ахвяраў трагічных падзей, якія адбыліся ў вёсцы ў траўні 1945, калі аддзел польскага ўзброенага падполля спаліў вёску, кажа фундатар Анджэй Шум:

– Гэта царква з’яўляецца як бы помнікам – помнікам трагічных падзей траўня 1945 года. Вёска была спалена, загінула восем нявінных жыхароў вёскі Патока, сярод якіх трое дзяцей.

Каля царквы размешчана шыльда, на ёй па-польску і па-беларуску напісана гісторыя гэтага месца, кажа старшыня Беларускага гістарычнага таварыства прафесар Алег Латышонак:

– Настаяцель Тапалянскага прыходу Аляксандр Алексеюк звярнуўся да мяне з просьбай напісаць гісторыю вёскі Патока па-польску і па-беларуску пра гэтую пацыфікацыю ў 1945 годзе. Яшчэ трэба будзе над гэтым працаваць, паколькі ёсць недакладнасці ў тым, што людзі памятаюць, што расказваюць. Лічу гэта першым крокам, вельмі цешуся, што такая шыльда тут стаіць. Кожны, хто прыедзе, будзе ведаць пра вёску і пра тое, што тут здарылася.

На асвячэнні царквы ў Патоцы прысутнічала каля паўтысячы чалавек. Мерапрыемства правёў Беластоцка-Гданьскі архіепіскап Якаў, а таксама настаяцель прыхода ў Тапалянах айцец Аляксандр Алексеюк, якога суправаджалі каля двух дзясяткаў святароў.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя