Карту паляка атрымалі больш за 130 тысяч беларусаў

Карту паляка атрымалі больш за 130 тысяч беларусаў


Каля 6 тысяч картаў паляка штогод выдае консульства Рэспублікі Польшча ў Гародні.

Такія дадзеныя прывёў Анджэй Рачкоўскі ў Гародні падчас дэбатаў пад назвай «Польская брама на Ўсход – усходняя палітыка, справы консульскія і паланійныя» ва ўправе Падляшскага ваяводства ў Беластоку:

– Я вам крыху па-іншаму распавяду наконт карты палякаў. «Польская брама на Ўсход» дае добрую магчымасць для палякаў на Гарадзеншчыне, каб яны перамяшчаліся на Захад. Мае стратэгічнае значэнне і для выезду маладых людзей. Думаем, што Польшча стала тым модным і прыцягальным краем, куды частка маладых людзей намагаецца выехаць. І карта паляка дапамагаем ім тут знайсці першапачатковую працу і атрымаць адукацыю.

Як адзначыў сябра непрызнаванага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Андрэй Пачобут, карта паляка – гэта істотны жэст падтрымкі польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі:

– Калі б не тое, што здарылася з Саюзам палякаў, то тады б не прынялі дакумент. Гэта была як рэакцыя на тое, што адбывалася з польскай нацыянальнай меншасцю ў Беларусі. Улады трымаюцца свайго: яны абмяжоўваюць магчымасць навучання на польскай мове. Калісьці Аляксандр Лукашэнка сказаў, што вось ён пацісне руку апошняму прадпрымальніку. Цяпер, я бачу, што ён мог бы сказаць, што ён хоча паціснуць руку апошняму паляку. Але, я думаю, што гэта таксама ў яго не атрымаецца.

Усяго, па словах консула Анджэя Рачкоўскага, ужо больш за 130 тысяч беларускіх грамадзянаў атрымалі карту паляка – і каля 65 тысяч з іх выдадзена з 2008 года толькі на Гарадзеншчыне – рэгіёне Беларусі, найбольш заселенага польскай меншасцю.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя