Як немцы саветам у 1939 Беласток перадавалі


Храналогія трагічных падзей выглядала наступным чынам.

1-га верасня 1939 года Нямеччына напала на Польшчу. З 6-га па 11-га верасня польскія цывільныя ўлады пакінулі Беласток. 15-га верасня польскія войскі былі вымушаныя адступіць. Горад быў заняты нямецкай брыгадай „Lötzen”, якой камандаваў генерал Офенбахер.

Часткі Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі былі сканцэнтраваныя на савецка-польскай мяжы загадзя і пачалі баявыя дзеянні супраць Польшчы а 5-й гадзіне 17-га верасня. Уварванне было названа „вызвольным паходам”. Савецкія войскі ўвайшлі ў заняты немцамі горад 22-га верасня.

Згодна з дамоўленасцямі, паводле пакту Рыбентропа – Молатава, немецкі вермахт павінен быў адступіць і даць магчымасць саветам заняць раёны Усходняй Польшчы, у тым ліку Беласток. На месцы высветлілася, што справа выглядае іначай, чым прадугледжвалася раней.

Склаўшаяся сітуацыя патрабавала арганізацыі перамоваў паміж бакамі. Сустрэча нямецкага і савецкага камандавання прайшла ў Палацы Браніцкіх, факт правядзення якой быў зафіксаваны кадрамі ўнікальнай кінахронікі. Перадача горада завяршылася ўрачыстым абедам у гатэлі Ritz.

Аляксей Трубкін, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя